КАЛЯДЫ
КАЛЯДЫ( калядныя святкі, калядныя нядзелі ) – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. У гадавым крузе народных аграрных абрадаў і святкаванняў храналагічна займала першае месца. Царква прымеркавала да старажытных калядаў рэлігійныя святы Нараджэння Хрыста і Вадохрышча, таму за імі замацаваўся час з 24 снежня па 6 студзеня (па старым стылі) уключна. Для абраднасці калядаў характэрныя тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад першым днём свята, багатая (тоўстая, шчодрая, мясная) і посная (галодная, вадзяная) перад Вадохрышчам. Абавязковай стравай была ўласна куцця – ячная каша.
Зімовы перыяд у сялянскім календары меў падрыхтоўчы характар. Абрады і песні зімовага цыкла былі накіраваныя на тое, каб загадзя паўплываць на будучы ўраджай, захаваць азімы пасеў, рунь на палях. У зімовым перыядзе паэтычнага календара насычанасцю абрадамі, песнямі вылучаліся святка-ванне Беднай куцці, Калядаў, Шчадрухі – Багатай куцці ў пярэдадзень Новага года.
Народнае свята «БАГАЧ»
Тэатральная пастанова народнага свята «Багач»
Гуканне вясны
Тэатральная пастанова народнага свята «Гуканне вясны»
Народнае свята Юр`я
Юр’я — старажытнае свята народнага календара адзначаецца 6 траўня (23 красавіка па старым стылі) у гонар святога Георгія-пераможца — заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысціянскія часы яму былі нададзеныя рысы і функцыі язычніцкага бога Ярылы.
Веснавы Юр’я знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з гэтага дня, як лічылі амаль усюды, пачынае кукаваць зязюля, зямля і ўвесь раслінны свет апранаецца ў зеляніну. Юр’я, як правобраз веснавога Сонца разбівае злыя чары зімы, абуджае зямлю і пускае на яе расу, ад якой усё жывое на зямлі набірае рост і моц. На Юр’е сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі. З Юр’ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы. Адначасна з апякунствам свойскай жывёлы Юр’я лічыўся валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што Юр’я едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Свята было напоўнена шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер’ямі, прыкметамі заклінальнага характару.
Прапануем паглядзець пастаноўку ў выкананні вучняў Дзяржаўнай установы адукацыы «Лукская сярэдняя школа Жлобінскага раёна». Выражаем падзяку жыхарцы вескі Альсагорка Шкрадзюк Наталлі Іванаўне за прадастаўленную магчымасць правесці здымкі ў сваёй хаце.
Народная свята «Сёмуха»
Летнія абрады і песні павінны былі зберагчы збажыну ў пару даспявання, паспрыяць паспяховаму збору ўраджаю. Уласна летнімі, паводле сталай народнай традыцыі, лічацца жніўныя песні з іх разнавіднасцямі – зажынкавымі і дажынкавымі. Жніўныя песні непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сялянскай сям’і – жніва, цяжкай, у мінулым паднявольнай працы, перажыванняў.
СЁМУХА (Сёдмуха, Сёмка, Троіца, Зелянец, Зялёныя святкі) — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня. Сярод каталіцкага насельніцтва часта яе называлі Зялёныя святкі ці Зелянец. Нягледзячы на пераважна летнія тэрміны яе святкавання, Сёмуха знаменавала сабою развітанне з вясною: «На Зелянец вясны канец». З вясной найчасцей канчаліся і запасы хлеба ў селяніна, на што паказваў варыянт прыказкі: «На Зелянец — хлебу канец». Прыкмета Сёмухі ў полі — красаванне жыта. У гаспадарцы ж вакол яе замацоўваліся свае правілы і парады:»Святая Сёмуха навозы возіць». Напярэдадні свята, памыўшыся ў лазні, сеялі каноплі. Спявалі на Сёмуху траецкія песні.
Восеньскі перыяд земляробчага календара быў бедны на абрады. Ён звязаны з уборкай ураджаю, рваннем і апрацоўкаю льну, сяўбою азімых – заканчэннем палявых працаў. Сярод восеньскіх святаў вылучаліся Пакровы, Багач (суправаджаўся аграрным абрадам) і асабліва Дзмітраўскія дзяды –Асяніны, прысвечаныя ўшанаванню памяці продкаў.
